АНТАЦЭРО́ТАВЫЯ ІМХІ́,

антацэратопсіды (Athocerotopsida), клас мохападобных. Уключае 2 сям. — антацэротавыя (4 роды) і натаціласавыя (1 род). Каля 300 відаў. Пашыраны ў трапічных і ва ўмерана цёплых краінах. Першапасяленцы вільготных аголеных глебаў; у тропіках растуць на галінках, лісці і адмерлых раслінах. На Беларусі адзінае сям. антацэротавых з 2 родамі — антацэрас і феацэрас.

Стараж. група імхоў, якія, магчыма, існуюць з верхняга палеазою. Спалучае асобныя прыкметы пячоначнікаў, імхоў, сасудзістых раслін і водарасцяў. Лічыцца прамежкавым звяном паміж астатнімі мохападобнымі і сасудзістымі раслінамі. Прыкметы: неабмежаваны рост спарафіта, наяўнасць пласціністых храматафораў з пірэноідам і тыповых для вышэйшых раслін вусцейкаў у гаметафіта.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения. М., 1978;

Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978.

Г.Ф.Рыкоўскі.

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)